ПРОСЬЛЁ прыназ. Пасля. Матка просьле таго жыла дзесяць лет, а на адзінаццатом померла. БКЭ, № 15; Камаровічы Маз.
ПРУДЧЭЙ (прутчэй) прысл. Хутчэй. Мы накінулі на галаву плашч, я прудчэй нацягнуў лейцы, і коні, ак ашалелыя, панеслі нас. Сач., БРВ, 254. Але не спыняешся, а імчыш яшчэ прутчэй. Сач., БРВ, 32.
ПРЫБОР (прибор) м. Убор (адзенне, форма). Быть молодцу ў неволи, У некрутском у набори, У солдатском у приборе. Шэйн, I, 453; Н.-Дзятлавічы Гом.
ПРЫБУДОВІНА ж. Прыбудова (прыбудаваны будынак). Хіба цесна вам было ў доме, што такую прыбудовіну яшчэ развялі? Дан., МН, 71.
ПРЫБЯДНЯЦЦА зак. Прыкінуцца бедным. Увогуле, часцей жыў па старой сялянскай філасофіі: лепш прыбядніцца трохі, чым выхваляцца, выстаўляць свае здабыткі і новаўвядзенні. Шам., ВТБ, 147.
ПРЫВАКРЫЦЬ (привокрить) зак. Крыху пакрыць, засыпаць (снегам). Белы снежки лапушисты привокрыли ўси поля. Рам., БС, I—II, 145; Гом.
ПРЫВЯЗЕНКА ж. Чужая, прывезеная з чужых краёў. Генерал немец ходя, за собою девку водя, водя девку иноземку; молодую привязенку. Рам., БС, I—II, 12; Беліца.
ПРЫВАРОТ м. Што можа прывабіць, выклікаць любоў да каго-н. Можа, каб прыварот намовіць? Саб., ЖЗ, 153.
ПРЫВУКРАСНЫ прым. Прыгожы. Такі горад прывукрасны, што і ў цара такога не было. ЧК, I, 251; Мяркулавічы Раг.
ПРЫГАВОРНЫ (приговорный) прым. Хвароба, якую прыгаварваюць. На сіяньской горе стояв лес, а ў том леси ходив дед, и низянькій и малянькій, сивобородянькій, лес ломив и ўродимяц заговорив, и притешный, и присмешный, и примовный и приговорный. Рам., БС, V, 9; Папоўка Гом.
ПРЫГОД (пригод) м. Хваравіты стан, перапуд у выніку нечаканага здарэння, выпадку. Выговаруетца рабу божаму от придуму, от пригоду, от приказу. Рам., БС, V, 23; Дзятлавічы Гом.
ПРЫГОДА ж. Патрэба. Ляжи моя сорочанька до новаго году, тогды я тебе надену ў великую пригоду. Рам., БС, I—II, 130; Яроміна Гом. ◆ быць у прыгодзі — спатрэбіцца. Вы чумачаньки небози при битой дорози, вы отдайте чаяняток, буду вам у великой пригоди. Рам., БС, I—II, 62; Перарост Гом. Пусти мяне, я табе буду у вяликой пригоди! Рам., БС, III, 331; Перарост Гом.
ПРЫГОДЛІВЫ прым. Статны, прыгожы. Ён даўно ўжо квапіўся пасадзіць на Васілёва месца свайго брата, такога ж прыгодлівага, як і сам. Саб., II, 110.
ПРЫГРАБЦІ зак. Прывесляваць. А як к куму кума У рэшаце прыплыла, Грабянцом прыграбла. РП, 329; Раг.
ПРЫГРАБЧЫСЯ зак. Прыйсці, прыцягнуцца. А заўтра, яно, праведаю — прыграбуся адно. Дан., ЗА, 81.
ПРЫГРЭБАК м. Прыгрэбнік (прыбудова перад уваходам у пограб, склеп). У прыгрэбку Варка трымала квас у дубовай бочцы. Дан., Ж, 32.
ПРЫДАНЫ мн. Госці вясельныя. Стенулиса сени, Як приданы посели. Ще лепшей стенулиса, Як горелки напилиса. Шэйн, III, 424; Дзякавічы Маз. Параўн. прыданкі.
ПРЫДАНКІ мн. Тое, што прыданы. Отчинице лецень, Нехай вее вецер Пуд цесовыя лавки, Бо цверёзеньки приданки. Шэйн, III, 425; Дзякавічы Маз. Сарокі прыданкі Скачуць паверх лаўкі. ДФ, 268; Лазараўка Рэч.
ПРЫДУМКА ж. Выдумка, задума. Але такая мая прыдумка, і цяпер яна што зарок, клятва. Шам., IV, 455.
78 👁