ЗАСЕТНІК, ЗАСЁТНІК м. Месца за асеццю (ёўняй). У таку кьла ёўні засетнік, тут ссыпалі мякіну, вотрыну. Гарадзец. Засётнік – дзе салому складаеш. Партызаны.
ЗАСЕЎКІ толькі мн. Пачатак сяўбы. Перад засеўкамі, каб радзіла, куклу рабілі.
ЗАСЕЎРАЦЬ зак. Зашурпаціцца. Бульба і засеўраець, пасінеіць, як сразу ні закрыюць у цёмнае. Партызаны.
ЗАСЕЦЬ ж. Месца за асеццю (ёўняй). Мякіну сыпылі ў засець скоту. Цясішча.
ЗАСІВЕЦЦА зак. Страціць бляск. Папава кальцо біражэць і ціпер, яны засівеліся, замуцелі [пярсцёнкі]. Міцюкова.
ЗАСІДАЦЬ незак. Сіпнуць, прападаць. Засідаіць голас. Баравікі.
ЗАСІЛІЦЦА, ЗАСІЛІЦЦА зак. Павесіцца, задушыцца. Засіліўся ў яе ўнук. Ульянавічы, Гарадзец, Жохава, Партызаны. Зьсіліцца хто, то збоку кьлы кладбішча хавалі. За два гады тры быкі засілілісі. Цясішча, Багданава, Баравікі, Вялікі Азярэцк, Запруддзе, Латыгаль, Партызаны, Ракаў Засценак, Рулёўшчына.
ЗАСІЛІЦЬ зак. Задушыць. Вы мяне судзілі, сказалі, што засіліў. Запруддзе.
ЗАСІЛЬНА прысл. Празмерна. Ён засільна тоўсты. Івоні.
ЗАСІМ м. Дзень ушанавання Святога Засіма, які адзначаецца ў розныя дні народнага календара (2 кастрычніка, 30 красавіка па н. ст.); шанаваўся як заступнік пчол. Засім – свята, кажуць, што будуць пчолы вылятаць. Каралевічы.
ЗАСІНЕЎШЫ дзеепрым. Пасінелы. У вадзе зьсінеўшы зруп. Кляпчэва.
ЗАСІНЕЦЦА зак. Пасінець. Засінеліся храсткі. Нямойта.
ЗАСІНІЦЬ зак. Пабіць да сінякоў. Засініў яе ўсю, біў – плоха з мужыком жывуць. Запруддзе.
ЗАСІПЕЦЬ зак. Зашыпець. Засіпела вужака. Багданава, Міцюкова. Вуголь атваліцца ў ваду і засіпіць. Гарадзец.
ЗАСКАРАДЗІЦЬ зак. Заскародзіць. А тады дзёран назат палажыла, граблямі заскарадзіла. Леснікова, Розмыслава.
ЗАСКОЧЫЦЬ, ЗАСКАЧЫЦЬ зак. 1. Скочыўшы, апынуцца дзе-н. Іна хацела яго ўдарыць, ён за стол заскочыў. Запруддзе. 2. Завітаць на кароткі час. Як быў у Сянно, заскачыў да радні. Партызаны.
ЗАСКУГОЛІЦЬ зак. Заскуголіць. Чаго-та скуголіш, заскуголіў тута. Багданава.
ЗАСЛАНІЦЬ зак. Засланіць, закрыць. Заслонкай заслоніць печ. Гарадзец, Вялікі Азярэцк, Каралевічы, Неўгадава.
ЗАСЛАНЯЦЬ незак. Закладаць (пра хваравітае адчуванне ў грудзях, цяжкасць пры дыханні). Дык у яе грудзі засланяіць, ні дыхнуць. Буй.
ЗАСЛАЦЬ зак. 1. Заслаць, пакрыць чым-н. Стулік засцеліш, ну пьлацэнцам хто, салфеткай. Запруддзе. 2. Замошчваць. Кладзі кладуць, а патом засцілаюць доскамі. Вялікі Азярэцк.
ЗАСЛОН м. Засланка (у печы). Зачынеш заслон, калі шэсць булак, калі меньш. Чуцькі.
ЗАСЛОНКА ж. Тое ж. Зачыні печ заслонкай. Заслонку заслоніш, і хлеб упячэцца. Фасаўшчына, Багданава, Каралі, Леснікова, Нямойта, Неўгадава.
ЗАСМАЛІВАЦЬ незак. Засмольваць, апрацоўваць расплаўленай смалой. Троху зьсмалівалі лотку, забівалі. Багданава.
ЗАСМАЛІЦЬ зак. Апрацаваць расплаўленай смалой. Смалы распушчу ды й засмалю. Алексінічы.
74 👁