СКАПЫЦІЦЦА (скапыціцца), -чу-ся, -іш-ся; зак. тр. Спаткнуцца. Вот халерая на яго, на роўнум месьці скапыціўся і нагу зламоў. Цял.
СКАРАВІЦЬ (скаравіць), -ўлю, -іш; зак. тр. Забрудзіць. І дзе так можна было ватоўку скаравіць, ад гразі гузікаў не відаць. Клет.
СКАРАКОЛ (скаракол) мужч. Дзве ніткі, скручаныя ў адну. Скаракол у палатно ўваткала, як прала. Тур.
СКАРАЧ (скарач) мужч. Абрус. Такія прыгожыя скарачы прывезьлі ў магазін, нада купіць, а то ў мяне ўжо няма чым на бяседу стол заслаць. Гальш.
СКАСЦЯШЫЦЬ (скасьцяшыць), -у, -ыш; зак. тр. Прапасці, загінуць. Каб яго скасьцяшыла, даў бох мілянькі! Як скруціўся ў той Сальск, дак ні хуху ні духу. І пісьма ні напіша. Сав.
СКАЦЕРКА-ШАСЦІНІТОЎКА жан. Скацерць, вытканая ў шэсць нітоў. Скацеркі-шасцінітоўкі ткаліся ў шэсьць нітоў. Рат.
СКАЦЁРКА (скацёрка) жан. Абрус. Пасцялі чыстаю скацёрку на стол, абедаць будзем. Клет.
СКВАРУХА (скваруха) жан. Скварка. От цяпер добра кусаноў ба, дажа якую скваруху зьеў ба,— прагаладаўся добра. Бялар.
СКІНУЦЬ (скінуць), -у, -еш; зак. тр., перан. Зняць з работы. Цябе ж ужо, Таня, скінулі з работы. В. В.
СКЛАДКА (склатка) жан. Складчына. Склатку рабілі, дык і мы былі, пілі, елі, сьпявалі. Уз.
СКЛЁМ (склём) мужч. Холад. Ох, і моцны склём на вуліцы, замерзла зусім. Хал.
СКНЭРАВАТЫ (скнэраваты) прым., з адценнем незадав. Скнарлівы. Яна скупаватая. Як бацько. Той быў скнэраваты. Здарэ перасыпле соллью, палавіну солі, і як адразае, солі не выме, так с соллю і прадае. Сав.
95 👁