ЧАЦВЯРЫК м. бочка (ёмістасцю 16 кг). Намалаціў сягоння дзевяць чацвярыкоў, дубовых такіх, з ручкамі, што б за што брацца ямчэй (Хізы, Ветк.).
ЧАЦВЯРЦЯК м., цясл. вушак. Хто заве луткі, хто чацвярцяк (Карма, Добр.).
ЧВУР м. сцежка (звярыная). Тут заечы чвур, трэба петлейку поставіць, заец можэ ўлезці (Стадолічы, Лельч.).
ЧМАРЫ прым. цёмны. Мікола купіў кароўку. Нічога так, маленька, чмара (Мілашавічы, Лельч.); А хмара такая чмарая была (Неглюбка, Ветк.).
ЧМУРА ж., зборн. гушчар. Чмура ў лесе такая, што і не пралезці (Бабовічы, Гом.).
ЧМУРА ж., зборн. машкара. Многа ў каго дзяцей, дык гаворацъ, як чмуры, багата (Хізы, Ветк.).
ЧМУРЭЧА ж. гарэлка. Вось ужо панадзіўся піць гэтую чмурэчу (Горваль, Рэч.).
ЧОБРЫК м., памянш., бат. чабор. Ён па зямле расце, чобрык, жоўценькі такі; Чобрык еты тапілі і дзецям малым таплёны давалі (Хізы, Ветк.+Асарэвічы, Браг.; Дубраўка, Добр.; Ручаёўка, Лоеўск.; Холмеч, Рэч.).
ЧОЎНІК м., ткацк. чаўнок. Такіе гарные кросны, што чоўнік, здаецца, бегае сам сабе; Такі добры быў чоўнік, дак нада ж згубіць (Барталамееўка, Ветк.+Кароткавічы, Жлоб.; Крыўск, Б.-Каш.; Холмеч, Рэч.).
ЧОХАЦЬ незак. чхаць. Ну што ты ўсё чохаеш? (Холмеч, Рэч.).
ЧОХЛІ толькі мн. манжэты. Хацела зеленую кохту надзець, да ў чохлях гузікаў нет (Кірава, Браг.).
ЧОХЛІКІ памянш. да чохлі. Пашыла плацця з чорнага простага палатна, а чохлікі ўшытыя (Бялёў, Жытк.+Рафалаў, Браг.).
ЧУБАРЫК м., заал. жаваранак. Чубарыкі высока ў небе летаюць, прыгожа спеваюць (Юравічы, Калінк.).
ЧУВАЛ м. мяшок. Дастаў новы чувал са скрыні Людзвінава, Петр.). Параўн. чувала.
ЧУВАЛА ж., тое, што чувал. Картошку ў чувалу сыпем (Камаровічы, Петр.).
ЧУГА ж. спадніца (доўгая). Адзела б ты чугу, яна ж у цябе вельмі прыгожая (Саўгасная, Б.-Каш.).
ЧУГАН м., тое, што чавун. Купіла чуган, да вялікі; Два чуганы бульбы паставіла свінням, каб заўтра не варыць (Асарэвічы, Піркі, Браг.; Заходы, Рэч.). Параўн. чаус.
75 👁