СУКАР м., кулін. булачка (з кіслага цеста). Я пошла ў лес і ўзяла сукароў з варэннем (Бялёў, Жытк.).
СУКАЧ м., ткац. стрыжань (на які надзяюць цэўку). Сукач атрымаўся няўдалы (В.-Стралкі, Раг.).
СУКНЯ ж. сукенка. Каб доўжэйшая сукня была, було б хорошей (Дарашэвічы, Петр.); Дам я табе сваю сукню, будзіш адзяваць? (Хізы, Ветк. + Чкалава, Светл).
СУКОННІК I м. поўпаліто (мужчынскае з даматканага сукна). Суконнік быў цёплы і дажджу не баяўся (Быч, Карм.).
СУКОННІК II м., кулін. аладка (з дранай бульбы). Печы суконнікі хутчэй (Махновічы, Маз.).
СУКОННІКІ толькі мн. штаны (суконныя). А як жа, сукно ткалі, з яго суконнікі мужчынам шылі, ето верхнія штаны (Юравічы, Калінк); У суконніках па дровы ездзім (Чкалава, Светл. + Залессе, Чач.).
СУКОНІЦЫ толькі мн. ягады (цёртыя). Яшчэ з таго году засталося многа суконіц (Бялёў, Жытк.).
СУКРУТКА ж. вузел (на нітках). Сукрутка звілася, бо нітку пацягла (Ламавічы, Акц.); Пагано насучыш ніткі, сукрутак тады багато (Чалюшчавічы, Петр.). Параўн. сукрыцель.
СУКРЫЦЕЛЬ м., тое, што сукрутка. Ето калі ніткі з авечкі саўюцца і назыаецца сукрыцель (Юравічы, Калінк.).
СУЛАЎКА ж. посцілка. У сулаўку ўвярцелі (Быч, Карм.).
СУЛУПНУЦЬ зак., неад. сказаць (недарэчнасць). Другі раз дзе сулупнеш — і не красіва (Быч, Карм.).
СУМАК м. бервяно (у прасценку). Гэтае палена пойдзе на сумакі (Маркавічы, Гом.).
СУМЕСНІЦА м. месца (агульнага карыстання). Раней сумесніцай у нас востраў быў, а цяпер ета ўжо казённы лес (Кароткавічы, Жлоб.).
СУМНА I прысл. маркотна. Ой, так мне сумна было! (Піркі, Браг.).
СУМНА II прысл. наўрад. Сумна, каб вона столькі ела, бо така худзенька (Грушаўка, Нар.).
СУМОСНЫ прым. сумны. Чаго ты такі сумосны, наверна, двойку адхапіў (Міхалькі, Гом.).
СУМЫЛЬ м., неад. чалавек (маўклівы). Такі ўжэ сумыль (Неглюбка, Ветк.). Параўн. сундук у 2 знач., сурміла.
105 👁