ЛУБОК м. 1. шына. Лубок у нас із ліпы дзелаюць, калі палом рукі, то лубкі накладаюць (Хізы, Ветк.); 2. тое, што ліпаўка. Лубкі для мёду дзелаюць большай часцю з ліпы (Карма, Добр.). Параўн. ліпоўка, лубка ў 2 знач.; 3. вокладка. Я ўзяла сённі ў бібліятэцы кнігу без лубкоў (Хвойнае, Хойн.).
ЛУБЯНАЧКА ж., памянш. да лубянка. Казалі, у лесе ягад німа, а мы прынеслі поўныя лубяначкі (Марозавічы, Б.-Каш.).
ЛУБЯНІШЧА н., тое, што лубінішча. На лубянішчы жыта добрае расце (Неглюбка, Ветк.); А на лубянішчу басеком ужэ не пройдзем, так колка (Холмеч, Рэч.). Параўн. люпінішча.
ЛУГОЎКА ж. вада (шчолачная). Вада з попелам для адбельвання палатна — ета лугоўка (Дзям'янкі, Добр.); Лугоўку выліла, лішняя аказалася (Багданавічы, Карм.).
ЛУЖЫЦЬ незак., тое, што лузаць у 1 знач. Стружкі квасолі ці бобу лужаць і вараць суп (Піркі, Браг.).
ЛУЗАНЕЦ м. лузан. Лузанец — ета дужа спелы арэх. Возьміш, сціснеш яго, ён і лузаіцца (Хізы, Ветк.). Параўн. лушчак.
ЛУЗАНУЦЬ зак., перан. секануць. Ён як лузануў мяне пугай па спіне (Кіцін, Жлоб.).
ЛУЗАНЧЫК м., памянш. да лузанец. З лесу столькі лузанчыкаў прынеслі (Неглюбка, Ветк.).
ЛУЗАЦЬ незак. 1. лушчыць. Падай квасолю, лузаць буду (Неглюбка, Ветк.); 2. грызці. О, кажа, маладзіца: сядзе на прызбе і арэхі лузае (Холмеч, Рэч.); 3. перан. біць. Вельмі раздураны сын буў: бацька яго страшыў, есці не даваў, лузаў — што шкуру спушчаў (Прудок, Калінк.).
ЛУЗКА ж., памянш. да лаза. З лазы лапці плетуць, а лузка — зусім маленькая лаза (Грушаўка, Нар.).
ЛУЗКА ж. 1. луска. Лузка добра чысціцца ў карася (Багданавічы, Карм.); Цепер такіх карпаў разводзяць, што і лузкі ў іх пашці нема (Холмеч, Рэч.); 2. адходы (пры ачысцы зерня, збожжавых культур). Лузкі пасля грэчкі многа астаецца (Холмеч, Рэч.). Параўн. лупа I; 3. перхаць. У тваёй каровы многа лузкі (Неглюбка, Ветк.).
ЛУНАВЫ прым. блізарукі. Лунавы бачыць толькі перад сабою і к вачам прытульвае блізка (Піркі, Браг.).
78 👁