Пальца ў рот не кладзі каму. Агульны для ўсходнесл. м. Хтон. такі, што з ім трэба быць асцярожным. Мяккацелы, кажаце? Нее. Яму таксама пальца ў рот не кладзі (А. Макаёнак. Таблетку пад язык).
Узнік у выніку скарачэння прыказкі Не кладзі сабаку пальца ў рот, бо адкусіць. Параўн. і такі варыянт, занатаваны ў зборніку Я. Ляцкага: Не кладзі яму пальца ў рот: у яго мядзведжы паварот, а воўчы паглёд. Як спадчына прыказкі — застыласць фразеалагічнага дзеяслоўнага кампанента ў другой асобе адз. л.
Пальчыкі абліжаш (-аце). Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі 'вельмі смачны, прыемны' і 'вельмі добры, прывабны, выклікае захапленне'. Нічога, хлопцы, прыходзьце праз два гады. Такі будзе вінаград — пальчыкі абліжаце (Г. Васілеўская. Малюнак на снезе). — Прыйдзе і ён… Пабачыш, які хлопец. Пальчыкі абліжаш, — захаплялася Куля (Р. Сабаленка. Лора).
Першапачаткова ўжываўся ў дачыненні да яды; мелася на ўвазе: яда такая смачная, што ўсю з'ясі і нават пальчыкі абліжаш. Другое значэнне развілося ў фразеалагізме, калі ён пачаў ужывацца пры дзейніку са значэннем асобы ці канкрэтнага або абстрактнага прадмета.
Паляванне на ведзьмаў. Калька з англ. м. (witch-hunt). Вышукванне ўнутраных ворагаў, пераслед праціўнікаў існуючага рэжыму. Другая палова 20-х гадоў — ці не адзін з найбольш складаных перыядаў у гісторыі беларускай савецкай літаратуры. Менавіта ў гэты час пачынаецца «паляванне на ведзьмаў», шуканне ворагаў у літаратурным асяроддзі (Маладосць. 2000. № 5).
Узнікненне фразеалагізма звязана з практыкай інквізіцыі — судова-паліцэйскай установы каталіцкай цэрквы для барацьбы з ерэтыкамі, вальнадумцамі, антыцаркоўным і антыфеадальным рухам. Створаная на пачатку XIII ст., яна праіснавала ў краінах Заходняй Еўропы да канца XVII ст. (у Вялікім княстве Літоўскім была ўведзена ў 1436 г. і скасавана праз 43 гады). У часы інквізіцыі знішчана каля 9 мільёнаў чалавек, нярэдка спальваннем на вогнішчах. Спальвалі і псіхічнахворых, якіх называлі ведзьмамі ці ведзьмакамі. Іх вылоўлівалі, палявалі на іх. Дарэчы, перыяд сталіншчыны, калі праводзіліся савецкія масавыя чысткі, у замежным друку параўноўвалі з сярэдневяковым «паляваннем на ведзьмаў».
Паляцець у тартарары. Гл. ляцець (паляцець) у тартарары.
Памахаць пасля бойкі кулакамі. Гл. размахваць (махаць, памахаць) пасля бойкі кулакамі.
Паміж іншым. Гл. між (паміж) іншым
179 👁