Карты раскрыты чые. Гл. усе карты раскрыты чые. Карты ў рукі каму. Гл. і карты ў рукі каму. Карычневая чума. Агульны для ўсходнесл. м. Фашызм. Час яшчэ не сцёр ні з памяці людской, ні з пакутнай зямлі слядоў, якія пакінулі на ёй нечуваныя трагедыі, страты і ахвяры, што прынесла чалавецтву карычневая чума (В. Вітка. Даследуецца чалавек). Узнікненне фразеалагізма абумоўлена тым, што ў Германіі фашысцкія малойчыкі насілі карычневыя кашулі. Касіць дугой. Уласна бел. Не назапасіўшы корму для жывёлы, выпрошваць, купляць, пазычаць яго. Хай здаваў бы [скаціну] мой, у каго кармоў няма. Напрыклад, Сурміла. Ён ужо з месяц як косіць дугою (В. Блакіт. Шануй імя сваё). Выраз каламбурнага характару. Утвораны на аснове свабоднага словазлучэння касіць касой, у якім назоўнікавы кампанент заменены словам дугой. Апошняе сімвалізуе запрэжанага каня, на якім едуць здабываць сена. Касцьмі класціся. Уласна бел. Прыкладаць вялікія намаганні дабіцца чаго-н. Дзесяткі гадоў мы змагаліся за родную мову — некаторыя касцьмі клаліся ў тым змаганні (як Уладзімір Дамашэвіч, напрыклад), закідвалі пісьмамі ЦК КПСС, Гарбачова (В. Быкаў. Выступленне на VII з'ездзе СП БССР). Склаўся на аснове фразеалагізма легчы касцьмі, вядомага яшчэ ў старажытнасці. Паводле летапісу, князь Святаслаў перад бітвай з грэкамі ў 970 г. сказаў воінам: «Не посрамим земли Русския, но ляжем костьми ту; мертвые бо срама не имут». Касы (косы) сажань у плячах. Паўкалька з руск. м. (косая сажень в плечах). Рослы, плячысты, магутнага складу (пра мужчыну). Марыя Міхайлаўна ўважліва агледзела рослага правадніка. Касы сажань у плячах. Волат (У. Мяжэвіч. Яблынька для доктара). Вобразная аснова гэтага фразеалагізма грунтуецца на гіпербале. Даўней, да ўвядзення метрычнай сістэмы, у Расіі і Беларусі выкарыстоўваўся сажань — мера даўжыні, роўная З аршынам, або 2,134 м. Апрача гэтай меры, быў яшчэ махавы сажань, роўны двум з палавінай аршынам (па даўжыні адлегласці разведзеных у бакі рук), і касы сажань, які раўняўся адлегласці ад вялікага пальца правай нагі да канца сярэдняга пальца паднятай угору левай рукі. Ката ў мяшку купляць. Калька з франц. м. (acheter chat en poche). Выраз вядомы амаль усім славянскім народам, а таксама немцам і абазначае 'набываць што-н. завочна, нічога не ведаючы пра якасці набытку'. — Ну што, Іван, пераапранайся і прымай
209 👁