Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
А Абарваць тэлефон. Відаць, запазыч. з руск. м. Часта, доўга званіць і размаўляць па тэлефоне. На стале ляжала запіска: «Ты, канечне, забыў, што ў Васіля дзень нараджэння. Ён абарваў тэлефон…» (М. Кацюшэнка. Урок маўчання). Сэнсавым цэнтрам гэтага фразеалагізма з'яўляецца назоўнікавы кампанент, які выконвае сэнсаўтваральную функцыю і суадносіцца, але не супадае з адпаведным словам свабоднага ўжывання. Абводзіць (абкручваць) вакол (кругом) пальца каго. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. (руск. обводить вокруг пальца, укр. обводити (обкручивати, обертати) круг (кругом, навколо) пальца, польск. окгęсіć, owinąć wokoł раlса). Спрытна, хітра ашукваць, падманваць каго-н. Пакуль я падумаю, як абдурыць яе, дык яна мяне незлічона разоў вакол пальца абвядзе (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі). Таго Міканора каморнік сорак разоў абкруціць вакол пальца! (І. Мележ. Людзі на балоце). Ёсць некалькі версій пра ўзнікненне гэтага выразу. Паводле адной з іх, ён паходзіць ад жульніцтва базарных ілюзіяністаў. Фокуснік браў у гледачоў які-небудзь прадмет і абводзіў ім вакол пальца, адцягваючы іхнюю ўвагу, а ў гэты час фокуснікавы хаўруснікі ачышчалі кішэні гледачоў. Абдымаць (абняць) неабдымнае. Калька з руск. м. (объять необъятное). Ставіць нерэальную задачу вельмі шырокага ахопу чаго-н. — Лепш, па-мойму, не абдымаць неабдымнае. Нам будзе дорага ўсё, напісанае табой, але каб нешта выйшла на людзі… — Галя паківала галавой (Э. Ярашэвіч. Белыя Лугі). 3 афарызмаў К. Пруткова, змешчаных у «Плёне роздуму» (1854, 1860): «Ніхто не абдыме неабдымнага», «Ці ёсць на свеце чалавек, які мог бы абняць неабдымнае?». Абедзвюма рукамі. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі 'з вялікай ахвотай, жаданнем, радасцю (падтрымліваць каго-н.)' і 'вельмі моцна, з вялікай зацікаўленасцю (брацца за што-н.)'. [Праменны:] Будзе і ўмяне жонка… Цудоўная, чулая жанчына… Падтрымліваеш? [Язва]: Абедзвюма рукамі (К. Крапіва. Мілы чалавек). Усё тут на сярэднім узроўні, і таму не адразу здагадаешся, за што трэба ўзяцца абедзвюма рукамі, каб падняць калгас у гору (У. Шахавец. Месца ў жыцці). Узнік на аснове фразеалагізма хапацца абедзвюма рукамі за што (гл.) у выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
98 👁
 ◀  / 440  ▶