Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
сінтаксічнай роляй. Фразеалагічны фонд актыўна папаўняецца падобнымі назоўнікавымі выразамі: ад'яда душы, вайна з ветракамі, выхад у свет чаго, гульня з агнём, закручванне гаек, таптанне на месцы і інш. 5. Утварэнне на базе фразеалагізмаў дзеяслоўнага тыпу выразаў, структурна арганізаваных як двухсастаўны сказ. Так, на аснове звязваць (звязаць) рукі каму 'пазбаўляць магчымасці свабодна дзейнічаць' узнік фразеалагізм рукі звязаны ў каго 'хто-н. пазбаўлены свабоды дзеянняў, магчымасці рабіць так, як хочацца'. Аналагічна ўтварыліся такія, напрыклад, выразы: вочы вялікія зрабіліся ў каго, канцы з канцамі зводзяцца ў каго, дзе, мячы скрыжоўваюцца дзе, святло праліваецца на што. 6. Утварэнне прыслоўных фразеалагізмаў на базе дзеяслоўных. Так, выразы ні вока ні бока, пад сукном, з затоеным дыханнем, з разбітым сэрцам сфарміраваліся на аснове дзеяслоўных фразеалагізмаў не глядзець ні вока ні бока, ляжаць пад сукном, затаіць дыханне, разбіваць (разбіць) сэрца каму, чыё. Іншыя працэсы ўнутрыфразеалагічнай дэрывацыі непрадуктыўныя. Гл., напрыклад, як неаднатыпна ўтварыліся фразеалагізмы без задняй думкі, без цара ў галаве, да белых мух, да глыбіні душы, лезці смалой у вочы каму, да каго, на вярбе грушы растуць у каго, язык дрэнна падвешаны ў каго. Калі фразеалагізм мае два значэнні, а то і больш, у слоўніку часта паказваецца, якое значэнне непасрэдна звязана з першаасновай і як складваліся іншыя значэнні. У некаторых слоўнікавых артыкулах этымалагічная даведка адсутнічае, а этымалогія абмяжоўваецца паказчыкам, з якой мовы пэўны выраз скалькаваны. Пры апісанні фразеалагізмаў выкарыстоўваюцца скарачэнні (гл. «Спіс скарачэнняў»). Перш чым падаваць у алфавітным парадку слоўнікавыя артыкулы, ёсць неабходнасць асобна і больш падрабязна спыніцца на трох фразеалагізмах, этымалагізацыя якіх не ўкладваецца ў прынятую схему слоўнікавага артыкула. 1. Многія сучаснікі не ведаюць, што акадэмічны «Руска-беларускі слоўнік» (1953) укладаўся ў цяжкіх умовах ваеннага часу і ў першыя пасляваенныя гады і што ў яго складальнікаў і рэдактараў не было пад рукамі ні картатэкі, ні даведачнай літаратуры. А без шматтысячнай картатэкі з ілюстрацыйным матэрыялам як асновы любога слоўніка, перакладнога і тлумачальнага, цяжка пазбегнуць памылак. Напрыклад, рускі назоўнік кожимит (утварэнне ад «имитация кожи») пераклалі з парушэннем яго этымалагічнай матывацыі: скураміт. Фразеалагізму в порядке вещей у якасці адпаведніка даецца
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
105 👁
 ◀  / 440  ▶