ЗЬНІНАЦКУ, прысл. Знянацку, раптоўна, нечакана. Зьнінацку з-зы вугла тыркануўся сыбака, ну ды таго піріпужаў мяне, што чуць атыйшла. Слаўнае Мсцісл. Зьнінацку падышоў, і скуль толькі ўзяўся? Хвёдараўка Краснап.
ЗЬНІСТАЖЭНЬНЕ, -я, н. Знішчэнне. Бальшоя зьністажэньня людзей было ат вайны і ат пошысных хвароб. Сохана Мсцісл.
ЗЬНІСТОЖЫЦЬ, дзеясл. Знішчыць. Распутныя дзеці, зьністожылі ўсё! Дубеец Касцюк. Ні знаю, як ета зьністожыць чарвей з капусты, нада іх чым-нібудзь вывісьць. Арцёмаўка Міласл.
ЗЬНІШТОЖЫВЫЦЬ, дзеясл. Знішчаць, нішчыць. Нада зьністожывыць дрэнныя семя, а купіць луччыя. Слаўнае Мсцісл.
ЗЬНІШЧЫЦЬ, дзеясл. Знішчыць. Зьнішчыў сваю худобу. Латакі Клім. Ягор хацеў нас зьнішчыць да шчэпкі. Канічы Касцюк.
ЗЬНЯМЕЦЬ, дзеясл. Знямець, зрабіцца нямым. Як скызалі яму ета, дык аж зьнямеў. Хвёдараўка Краснап.
ЗЬНЯМОГА, -і, ж. Знямога, знясіленне. Ужо ў такія гады адчуваіцца зьнямога, а што будзе далей — верна, прыдзецца скора адкызацца ад работы. Добрае Мсцісл.
ЗЬНЯМОГЧЫСЯ [зьняможца], дзеясл. Знемагчыся, знясіліцца. Зьнямогся я зусім, ні магу ўжо рабіць. Хвёдараўка Краснап.
ЗЬНЯСЬЦІ [зьнёсьць], дзеясл. Знесці. Пыкармі ты сваю цыпу, ато ійца ні зьнясець. Ушакі Чэрык. Знесці вадою, змыць. Па етыму масту нільга праехыць, пытаму што яго пашці пылавіну вясной зьнясло. Арцёмаўка Міласл. Знесці ветрам, здуць. Стріха старыя, чуць ліпіць, яе вецір во-во зьнясець. Слаўнае Мсцісл.
ЗЬНЯХЫЦЦА, дзеясл. Блізка сыйсціся. Іна зьняхылась з другім. Горкі Краснап.
ЗЬНЯЦЕЙКУ, прысл. Знячэйку, раптам, нечакана. Зьмітрок Ягора зьняцейку як узяў пыд нагу, дык зразу зываліў. Добрае Мсцісл.
ЗЬНЯЦЬ, дзеясл. Зняць. Яго можна зьняць з страхі, толькі штоб залезьць туды ўдваіх. Ушакі Чэрык. Зьнімі цэнтру ў ланпі ды абчысьці нагырь. Крычаў. Сабраць вяршок, смятану з малака. Зьнімі з гарлыча вяршок. Касцюковічы. Іна зьніла сьмітану з гырлыча і дыла дзіцям сырыквашы. Арцёмаўка Міласл.
ЗЬНЯЧЫВІЛІ, прысл. У непрытомнасці, непамятаючы. Зьнячывілі сырваўсь і пабег у поля. Брылёўка Краснап.
ЗЬЯВІЦЦА, дзеясл. З'явіцца. Во кіслыя яблыка, адразу аскома зьявілась! Пірагова Мсцісл.
ЗЬЯНЬНЯ, -я, н. Ззянне. На небі зьяньня ат пыжару. Палуж Краснап.
ЗЬЯЦЬ, дзеясл. Ззяць. Кальцо зылатоя аж зьяіць. Вярбоўка Раснян.
ЗЭДЛІК, -а, м. Зэдлік, услончык. Вытры зэдлік ды дай чылавеку сесьці. Папоўка Крыч.
ЗЭТЛІК, -а, м. Зэдлік, услон. На зэтліку кыля печы сядзеў дзед і грэўся. Стары Дзедзін Міласл.
ЗЮЗЬКА, -і, м. Мароз (дзіцячае). Ні чыпай пальцым лёду, ато зюзька 'тмарозіць. Барысавічы Клім. Ня йдзі на двор, там зюзька! Пірагова Мсцісл.
ЗЮЗЮК, -а, м. Мароз (дзіцячае). Зюзюк укуся, ня йдзі з хаты! Ня высоўвай ручкі, бо зюзюк змарозя! Барысавічы Клім.
ЗЮКАЦЬ, дзеясл. Гаварыць. Дос вам зюкаць ужо, ато языкі зыбаляць. Ушакі Чэрык. Аўдоцьця з Настай зюкаюць. Малюшын Краснап. Сыбраліся ды й зюкаюць сабе, а ні бачуць, што туча надыходзіць. Бялішчына Мсцісл.
ЗЮКЛІВЫЙ, прым. Гаваркі, словаахвотны. Ну які ж зюклівы гэсты чылавек — ён жа, бач, і мінуты ні пымаўчыць! Ушакі Чэрык.
ЗЮКНЯ, -і, ж. Гамонка, размова. Сыбралісь бабы, як пычалі зюкню пра авечак, каровак — ды дзе там іх пераслухаіш! Ушакі Чэрык.
ЗЮМ, -у, м. Разынка. Як пяклі булкі ны вялікыньня — зюму туды сыпалі, смашныя былі! Парадзіна Мсцісл.
ЗЯБІР, -у, м. бат. Зябер, пікульнік. Зябер любяць сьвіньні, пакуль ён мыладый, а як пыстарэіць, ён становіцца калючый. Пірагова Мсцісл. У жыці сінім цьветым зябір цьвіцець. Хвёдараўка Краснап. У жыці дужа многа зябіру і гарошыку, усі рукі пыкалола, жаўшы. А тут яшчэ пчолы кыла зябіру — глядзі што ўкусіць. Арцёмаўка Міласл.
ЗЯЗЮЛІСТЫЙ, прым. Светла-шэры, падобны па апярэнню да зязюлі. У нас пятух стаў зязюлістый, як зязюлька. Сутокі Мсцісл.
ЗЯЗЮЛЬКА, -і, ж. Памянш. ад зязюля. Пакукай, зязюлька, пакукай, серыя! Колькі мне гадоў жыць? Гібалы Касцюк. Спытаімсь у зязюлькі, пы колькі год будзім жыць. Ушакі Чэрык. Зязюлька голысна кукыя. Малюшын Краснап. бат. Плямісты ятрышнік, зязюлькіны сьлёзкі. Ны лужку многа цьвіце зязюлік. Хвёдараўка Краснап.
ЗЯЗЮЛЯ, -і, ж. заал. Зязюля. Зязюля сядзела на суку і кукыла. Вінаградаў Міласл. Зязюля кукыя. Бардзіч Краснап. Граначкі селі, песні запелі, || А зязюля закуковала. З нар. песні. Мсціслаў.
ЗЯЛЕЗА, -а, н. Жалеза. Зялеза іржа есьць, а чылавека — хвароба. Парадзіна Мсцісл. Аржа есьць зялеза, калі яно ляжыць у сырасьці. Бяседавічы Хоцім. А патоле зіму зналі — || Што зялезы прыстывалі. З нар. песні, М. Г. 134.
ЗЯЛЕЗЬНІК, -а, м. Жалезнік, рыдлёўка, жалезная лапата. Маці капала бульбу зялезьнікам. Ганнаўка Клім. Вазьмі зялезьнік і йдзі ў гарод, будзім агрэст садзіць. Гусарка Клім.
ЗЯЛЕЗНЫЙ, прым. Жалезны, зроблены з жалеза. Пупаўся мне нож у кыпіраціві: ні стальный, а зялезный, дык гнецца і ня рэжыць нічога. Слаўнае Мсцісл. Во ныпалілі зялезныю печку, што нільзя падыйці. Пірагова Мсцісл.
ЗЯЛЕЙНІК, -а, м. Атрутнік, чалавек, што атруціўся. Зялейнік — ета атрутнік. Бяседавічы Хоцім. Вісільнікаў і зялейнікаў ні
78 👁