МЫСЛІНОЎКА ж. Батыставая хустка. Хацела мысьліноўку ў Радашковічах купіць на лета, дык не было. У Аньці Лукашовай ёсьціка ішчэ даўнейшая, мысьліновачка, рэдзенькая, далікатная надта ж і дзьве палоскі па ёй. Краснае. МЭДЗІЦЦА незак. Прыбірацца, прыхарошвацца. Мэдзіцца, мэдзіцца каля гэтага люстэрка гадзіну ўжо, аж цярпення лопая яе чакаць і глядзець на яе. Волма. МЭНДАЛЬ м. Мера колькасці. У мэндлі дзесяць снапоў. Навагрудскі р-н. МЯЖДЖУЛІЦЬ незак. Біць, мясіць, таўчы. Мурожніца. МЯЛІННЯ толькі ў адз., зборн. Кастрыца — адходы пры апрацоўцы ільну. Сьвяня топіцца, а падсцілу німа. Доў жа бог зяцька, хай яго немач! Ніколі мяліньня не прывязе, і машына ў руках. Вот каб гарэлку піць, дык ён хоць кажны дзень. Гультай і апівуда, і больш ніхто. Краснае. МЯЛЬНІЦА ж. Церніца, мяліца. Бывала мяльніцай увесь лён перамнеш і рук не чуеш. Бірулі. МЯРЗЛЯК м. Мёрзлая бульбіна. У нас пасля вайны, як есці не было чаго, сабіралі па полю мерзлякі, варылі і елі. Рудня. МЯЦЬВА н. Салат з рознай зеляніны. Мурожніца. МЯЧКА ж. Жанчына, якая мне лён. Братавая мая, Стэфка, вот мячка была добрая, а як трапаць лён пойдзя — дык ніхто за ёй не ўгоніцца. Вот работніца. Краснае.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
114 👁