Учэпісты дзеепрым. Задзірсты, задзірлівы; схільны да боек, сварак. Ну і чалавек учэпісты, абы за што, так і прычэпіцца, так і завядзецца. Кавальцы.
Ушалка ж. Гушкалка, арэлі. Як малымі былі, та зробім сабе ўшалку і ўшаямсо цэлы дзень, пакуль маці ні пакліча. Копанькі.
Ушат м. Цэбар. Як купім ашчэ двое парасят, та гэтаго ўшата бульбы будзя мало на раз, трэбо ашчэ будзя варыць. Бандары.
Ушвалак м. Дубіна, друк, тоўстая палка. У міне ў руках быў добры ўшвалак, хай, думаю, тулькі паткнецца паліцыянт. Белева. 2. Перан.: здаровы, мажны чалавек. Што і казаць, добры ўшвалак, яго ўсе баяліса навокруг. Кунцаўшчына.
Ушлы прым. 1. Слабы фізічна, недаразвіты. Куранята ў гэтым року зусім некія ушлыя, мусі з іх нічого ні будзе, паздыхаюць. Дубоўка. 2. Перан.: хітры, пранырлівы. Але ж і ушлы, тулькі і глядзіць, кап каго абдурыць, упісаць ў дурні. Баранава.
Ушпарыць зак. Моцна ўдарыць. Ён як ушпарыць пугай па кабылі, так тая так панясла, што думалі, калёса паспадаюць. Казіміроўка.
Ушпіліць зак. Моцна сцебануць. Але ж і ўшпіліў карові пугай, бедна, аш прысела. Зарубічы.
Ушчапіць зак. Прышчапіць. На весну трэбо будзе ўшчапіць гэту дзічку, хай расце, ні я, та можа дзеці прыждуць. Каменка.
Ушчэнт прысл. Ушчэнт, удрузг. У гэту вайну, як нашы наступалі, та пат Пышкамі немцаў ушчэнт разбілі, мало каторы ўцёк. Ласосна.
Ушчэпка ж. Прышчэп, прышчэпка, прышчэпленая расліна. У міне ўшчэпка за рок больш як на мэтар вырасла, але вецяр зламаў. Пагараны.
Ушыпуліцца зак. Уціснуцца. Людзей поўна хата была, ледво змог ушыпуліцца паміж імі, далезці да стала. Індура.
Ушытка ж. Шыцік, рачны маленькі чарвяк, які жыве ў рухомым доміку-трубачцы. Ушытка бывае чорна і жоўта. На жоўту ўшытку рыба лепей ловіцца. Ласосна.
Ушэсце н. Рэлігійнае свята ў шэсць нядзель пасля вялікадня. Да ўшэсця царскія варота ў цэркві адчынены, а ўжэ як ушэсце пройдзе — зачынены. Зарубічы.
Уюн м. Мінога ручаёвая /падклас рыбападобных жывёл/. Уюнэ ў рэчцы на пераездах круцяцца — пара лён сеяць /з нар. прыкметаў/. Лаша.
Ф
Фаерка ж. Фаерка, камфорка. Недзе падзела фаеркі і сама ні ведаю дзе. Зарыца.
Файкаваць незак. Курыць. Прывык да люлькі, з зубоў ні выпускае, файкуе і файкуе. Кунцаўшчына.
Файно прысл. Добра, прыгожа, цудоўна. Як файно зроблено, паглядзець толькі! Лаша.
Файны прым. Добры, прыгожы, цудоўны. Каб устроіцца дзе на файну работу ў Гродні, добро было б. Казіміроўка. Файны хлопец, што і казаць. Пяслі.
Файтлапа м. Нязграбны чалавек /груб./ Гэтаго файтлапу і да войска ні ўзялі, бо што ён там рабіць будзе? Квасоўка.
Фалда ж. Складка. Спадніцу сабе файну пашыла, у фалды. Жукевічы. Некія фалды зрабіліса, ніяк ні разгладжу. Грыўкі.
Фалдаванка ж. Гафрыраваная спадніца. Спадніца, пашытая ў фалды, складкі. У маей мамы ашчэ нідаўно фалдаванка была, святам надзявала. Эйсманты.
Фальбанка ж. Саматканая спадніца, па
87 👁