КАЧУР м. Кавалак тоўстага палена. Парэзалі дровы на качуры. Пойдзім сячы качуры на дровы. Моханава В.-Дзв.
КАШАЛЁК м. Вяровачная сетка для сена каню. Набяры сена ў кашалёк, возьмім на дарогу каню. Вароніна Рас.
КАШАЛІСКА (кошэліско) м. Кош. По-двэйному кагуть: кэш і кошэліско, гэ само однэ. Бастынь Лун.
КАШАРА (кошара) ж. Агароджанае месца на полі, у лесе, дзе летам трымаюць жывёлу. Дэ товар стоіт, мы кагам стоновіско, а тэпэр кагут і кошара. Бастынь Лун.
КАШАРЫЦЦА незак. Мыцца. Я пайду кашарыцца. Ністанішкі Смарг.
КАШАРЫЦЬ незак. Мыць. Я пайду кашарыць свае ногі. Ністанішкі Смарг.
КАШОЎНІК (кашоўнік) м. Сітнік. Унь на вугану богато росце кошоўніку. Свіня ходзіць у кошоўніку. Бобрыкі Петр.
КАШРЫЦЬ незак. Мыць. Я пайду кашарыцца, кашрыць свае ногі. Ністанішкі Смарг.
КАШТЫЛЬ (коштыль) м. Мыліца. Вэн ходыт на коштыле. Бастынь Лун.
КАШЭЛЬ м. Вяровачная сетка для сена каню. Напхні, ныкрыпай кашэль сена ўзяць каню ў дарогу. Даўгабор'е Рас.
КВАДА ж. Квадра. Молодычок у другой квадэ. Бастынь Лун.
КВАС м. Кіслы суп. Квас варым так: укінім у ваду мяса, а тады паткалоцім кіслым цестам ці рошчынай. Вот я і зварыла квасок, квас. Міратычы Кар.
КВАСЁНЫ дзеепрым. Квашаны. У нас добрэ квасёна капуста, я вам дам на закус. Бастынь Лун.
КВАСКА ж. Бочачка для засолкі агуркоў. Кваска — небольшая пасудзіна, у ёй мы солім гуркі. Бастынь Лун. Дзежачка на сала. У кваску клодэм сало і кірпічэм наважэваім вэко. Бастынь Лун.
КВАСОЛЬНІК (квасэльнік) м. Лісце і сцяблы фасолі. Квасэльнік добры, а чы будэ квасоля, не знаю. Бастынь Лун.
КВАШАЛІНА (квашэліна) ж. Квашаніна. Зарэзала паршука і наварыла квашэліны. Горск Бяроз.
КВЕТКА ж. Нязжаты пучок калоссяў, пакінуты ў канцы жнівэ. Жыто дожала і кветку зробіла. Горск Бяроз.
КВЕЦАЦЬ незак. Брудзіць. Бунда ў цябе новая, і не трэба яе квецаць. Шкураты Браг.
КВЕЦЕНЬ м. Красавік. Квецень месяц. Паляцкішкі Вор.
КВЯЛІЦЦА незак. Дражніцца. Чаго ты квялісса з малым? Ой, ні лесь, ні квяліса нат дзяцьмі. Навасёлкі Свісл.
КВЯТ м. Кветка. От красівы квят — мальва. Ністанішкі Смарг.
КВЯТУРКА ж. Прарэх (у штанах). Зашпілі сваю квятурку ў штанах. Сяляўшчына Рас. У штоніках расцягнулася квятурка, засцягні, сынок. Даўгабор'е Рас. Ушый гузік у квятурку, а то німа чым зашпіліць. Вароніна Рас.
КЕБ злучн. Каб. Пайду рабіць адзёнка, кеб кідаць стог. Шкураты Браг.
КЕПКА (кэпка) ж. Пячурка, ніша ў сценцы печы. Загрэбі жаратак у кэпку. Трэбо выграбті вуголле у кэпку. Буду у кэпку загрэбаті жар. Бастынь Лун.
КЕЎЛІЦЦА незак. Тлець. Ні гыраць дровы, толькі кеўлюцца. Якубова Рас.
78 👁