БУХТАВІЦА (бухтовіца) ж. Гразкае балота. Нэ гонэтэ туды коровы, бо там бухтовіца, корова там ляжа. Горск Бяроз.
БУШЧЫХА ж. Бусліха. Бусько стоіт, а бушчыха сыдыт на гнэздэ. Азарычы Пін.
БУЯК м. Бык. Повэла корову да буяка. Горск Бяроз. У колхозі е буяк, трэбо вэсты корову да буяка. Азарычы Пін.
БУЯЧНІК м. Дурнічнік. От піўз пэлю богато буячніку і богато буякоў. Бобрыкі Петр.
БЫЗАЎКА (бызыўка) ж. Авадзень. Бызыўкі кусаюць кароў, і яны пачынаюць гізываць. Якубова Рас.
БЫК м. Лішак асновы ў шырыну пры накіданні ў ніты, які ідзе назад. Снывала ў пітнаццаць пасам, а бёрда дастала ў чатырнаццаць, дык бык ідзець назат. Моханава В.-Дзв.
БЫСТРЫ прым. Стромкі (пра страху). Быстрая крыша, можно зваліцца. Бастынь Лун.
БЫСЬ-БЫСЬ-БЫСЬ выкл. Ужываецца, калі падзываюць быка. Моханава В.-Дзв.
БЫСЮ-БЫСЮ-БЫСЮ выкл. Тое, што і бысь-бысь-бысь. Моханава В.-Дзв.
БЫСЯ-БЫСЯ-БЫСЯ выкл. Тое, што і бысь-бысь-бысь. Бярозкі Хоц.
БЫТТА часц. Быццам. Як бытта ты ня ведала яго, які ён ёсць. Моханава В.-Дзв.
БЭБАХ (бэбэх) м. Бруха. От корова трыблата, большой бэбэх. Бастынь Лун.
БЭЛЕЦ м. Вялікае карыта. Наліў у бэлец воды, коб напыліса коровы. Горск Бяроз.
БЭЛЕЦ м. Бочка, у якой заліваюць лугам бялізну. Наробыла лугу поўны белец і намочыла одэжу. Горск Бяроз.
БЭЦЬКА м. Грыбок у драўляным будынку. Бэцька — гэта такі грып, ат якога гніе хата, калі ён завядзецца, дык хату з'есць. У хаці завёўся бэцька і ўвесь пол з'еў. Навасёлкі Свісл.
БЭЦЯ-БЭЦЯ-БЭЦЯ выкл. Ужываецца, калі падзываюць авечак. Сімакава Кар.
БЯГЛЕЦ м. Уцякач. Бяглец, які ўцікаіць ат ліментаў. Даўгабор'е Рас.
БЯГУН (бэгун) м. Дрэва, якое спаліла маланка. Дэрэвына, у якую удырыў гром, мы зовом бэгуном. Горск Бяроз.
БЯГУН м. Тоўсты сук, на якім круцяцца вароты. У варотах пара біл і бягун. Біла скрапляюць варота, а бягун дзержыць усе варота. Бягун прыкрапляецца ік шулі, і па ім варота круцяцца. Шкураты Браг.
БЯДА (бэда) ж. Веласіпед. Поехав вэн на бэдэ, так кагалі колісь, а тэпэр кагам ровэр, лісапед. Бастынь Лун.
БЯЗДУШНІК м. Бяздушны чалавек. Ён жа бяздушнік, ён на людзей ні глядзіць і людзей нінавідзіць. Міратычы Кар.
БЯКАЦЬ незак. Бляяць. Авечка бякае, мусі есці хоча. Міратычы Кар.
БЯЛЁНКА (белёнка) ж. Гатунак бульбы. Картопля белёнка — жоўтая і тожэ смачная. Бобрыкі Петр.
БЯЛТОК м. Бялок. Мама, звары бялток крута. Якубова Рас.
БЯЛЬЧЫЦЬ незак. Разбіраць. Авечку зарэзаў, а цяпер буду бяльчыць. Якубова Рас.
74 👁