ПОЎЗЕ (поўзя) н. зборн. Латы. На кроквы прыбіваюць поўзя. С саломы вяжуць трайчаке і прывязваюць да поўзя, калі крыюць страху. Вострава Маст.
ПОЎЗІНЫ (пэўзіны) толькі мн. Апоўзіны. Поўзіны кладуць на стох, кеп вецяр ні зорваў верха. Навасёлкі Свісл. Стожка прыложылі пэўзінамі, коб вэтер нэ рознэс сэно. Азарычы Пін.
ПОЎНАТА ж. Поўня. Кажуць, што ў поўнату няможна выкладаць кілункоў. Моханава В.-Дзв.
ПОЎНІЦЦА (повніцца) незак. Напаўняцца. Ужэ начынает жыто повніцца, ужэ е у мошонцы пятка. Азарычы Пін.
ПОЎХ м. Крот. Поўх нарыў много земнэ. Горск Бяроз.
ПОЦЕСЬ (потэсь, потесь) м. 1. Прасніца. У потэсі е кудэльнічэ, до екого мотузом прывязваем кудэлю. Азарычы Пін. 2. Дэталь у прасніцы, да якой прывязваецца кудзеля. Скрутіла куделю і увезала у потесь. Бастынь Лун.
ПОШАР м. Корм (для жывёлы). Аўсяная салома і ячменная салома — пошар добры для кароў. Паляцкішкі Вор.
ПОШВА ж. Шво. Зробі добру пошву ў бундзі. Бобрыкі Петр. У мяне распаролася кохта на пошві. Шкураты Браг.
ПОЯС (поіс) м. 1. Падбрушнік. Надзень на коня пучкі і набедрыкі і пудшпулі поясом. Бобрыкі Петр. 2. Спавівач. Дзяцей спувівалі поісам. Ваўкавічы Тал.
ПОЯС (поес) м. 1. Папярочная планка ў лаве. Трэба загнаць у дошку пояс, а тады ў пояс убіць ношкі, і будзе гатова лава. Навасёлкі Свісл. 2. Планка, якой звязваюць кроквы блізка ля скрыжавання. Паставів кроквы і закрэпів поесам. Бастынь Лун. Кроквы нада замацаваць поясам. Альхоўка Навагр.
ПРАВЕРЗГАЦЬ зак іран. Прамыць абы-як, збольшага. Трохі праверзгала твар і добра. Ністанішкі Смарг.
ПРАВІЛА (правыло) н. Ачэп. На дэрэвыну кладэмо балкы, а на балкы кладэм правыло. Горск Бяроз.
ПРАВІЛА н. Тоўстая доўгая жардзіна, пры дапамозе якой злучаюць зад і перад калёс, калі возяць бярвенне. Зрабіў правіла ў калёсы. Заўтра паеду вазіць калоды на рум. Вадва В.-Дзв.
ПРАВІЦЬ незак. Спраўляць. Якога чысла сьвята, такога і правяць яго. Шкураты Браг.
ПРАГЛУЗДАЦЦА (проглуздоцца) зак. Паразумнець. О, ці, хоця б ено колі проглуздолосо, гэто дзіця. Бобрыкі Петр.
ПРАГНОЙ м. Вір. На вадзе глыб такій, як вінт круця етый прагной, можна ўтапіцца. Шкураты Браг.
ПРАГОН м. Сцежка ў лесе, вытаптаная жывёлай. Пайдзём каројім прагонам, дзе кароў гыняюць Сяляўшчына Рас.
ПРАГОНЫ (прогоны) мн. Падоўжнае тоўстае бярвенне, на якое насцілаюць мост. Прогоны згнілі, трэбо новые поставіті ў мості. Бастынь Лун.
ПРАГУЛЬНІК (прогульнік) м. Прагульшчык. Прагульнік на работу не іде, а ходіть без работы. Бастынь Лун.
ПРАДЗЕЛЬНІЦА ж. Папрадуха. Раней усю ночачку прала прадзельніца пры лучыні. Навасёлкі Свісл.
ПРАЕРХ м. Прарэх. Пашыла малога праерха ў ганавіцах. Навасёлкі Свісл.
ПРАЖКА (прашка) ж. Спражка. Узяў рамень і прашкай так добра даў, што будзіць помніць. Моханава В.-Дзв. Вазьму пояс ды ак дам тобэ пражкай. Бастынь Лун.
85 👁