УПЛЕЧКІ прысл.: СХАПІЦЦА ЎПЛЕЧКІ. Абхапіць рукамі плечы адзін аднаго. Гаспадар не захацеў спасаваць перад сваім госцем, і яны схапіліся ўплечкі.. На ростанях.
УРАЗ прысл. Зараз жа, неадкладна. — А дзе хлоп, што ладна грае? Гэй, музыку завалаць! — Падгуляўшы князь гукае: — Ўраз хлапака мне падаць! Сымон-музыка.
Ураз прысл. 'умомант' (ТС); 'зараз жа' (Стаўб. СПЗБ); 'зараз, у адну хвіліну' (Мсцісл. Бялькевіч); 'адразу, умомант' (Чэрв. Шатэрнік). Параўн. польск. wraz 'разам, адначасова'.
УРАНІЦЬ зак.: СЛОЎКА НЕ ЎРАНІЦЬ. Не вымавіць слова, не сказаць; прамаўчаць. Ганна слоўка не ўраніла І маўчала, як і ён, Бы жуда іх ахапіла, Надышла з усіх старон. Сымон-музыка.
Параўн. руск. уронить (слово) 'кінуць, сказаць (слова)'.
УРОДА ж.: З УРОДЫ. Ад нараджэння. Юрка з уроды быў хірлявы хлопчык, а нядаўна ён прастудзіўся і заняпаў. Сірата Юрка.
Урода ж. 'звычка, характар' (Карэл. Сцяшковіч, 1972); 'прырода, характар' (Чэрв. Шатэрнік).
УРОЎНЯДЗЬ прысл. Упоравень, роўна. У акенцы ўроўнядзь з долам Цьмяна свеціць начнічок, Бы купальскі светлячок, Блескам смутным, невясёлым. Сымон-музыка.
УРЫМСТАВАЦЬ зак. Супакоіцца. Не ўрымстуе Гітлер шалёны, Упіўся кляшчом, не здаецца І гоніць на фронт эшалоны, Дзе кроў нашых воінаў льецца. Адплата.
Урымставаць зак. 'супакоіць, суняць' (Карэл. Сцяшковіч, 1972); урымсціць зак. экспр. 'пасядзець, затрымацца; успакоіцца' (Лід. СПЗБ); урымсціцца зак. 'супакоіцца' (Капыл. Жыв. сл., с. 176). Параўн. літ. rimstùs 'спакойны'.
УРЫЎКАВЫ прым. Які робіць што-н. час ад часу, нерэгулярна. І дзядзька быў рыбак выдатны, Хоць больш урыўкавы, прыватны, Але лавіў такі нямала, І дзядзьку ў рыбе шанцавала. Новая зямля.
Параўн. польск. urywkowy 'абрывачны, адрывісты'.
УСПАМІНКА ж. Расказ аб мінулым, перажытым; успамін. У часе гэтых сесій-збораў Было нямала абгавораў І розных штучак, жартаў, кпінак, Ліхіх і добрых успамінак. Новая зямля.
81 👁