Старонка 238
◀ / 289 ▶
СУНАСТКА ж. Нелюдзімка. Не пускаюць [Аўгеня і Тарэся] З рук суседскіх валасоў, Толькі зрэдку прагукаюць, Калі трапна адшукаюць Забіяцкіх пару слоў. — Сунастка! — Капач! — Мешалка! Квач! За дождж. СУПАР, СУПАРАТ, СУПОРАТ м. Той, хто імкнецца перамагчы каго-н., дабіваючыся адной і той жа мэты; супраціўнік. ..абураны Анатоль падскочыў з памяцельнікам і разбіў гэты збан у руках шчаслівага супара. Цені мінулага. — Вы не так мяне зразумелі, — заўважыў Лабановіч. — Калега — мой супарат зусім другога парадку. На ростанях. Завабілі і Васіля Аўгініны вочы. Мартынава сэрца забіла трывогу. Васіль — супорат небяспечны. Мартын — бабыль. Дрыгва. Супарат м. 'упарты чалавек' (Касц. МАСМ; Насовіч); супоръ м. 'сапернік' (Насовіч). Параўн. укр. супор 'супраціўленне, варожасць'; супорник 'супраціўнік, сапернік'. СУПАРОТ м. Пра тое, што мае перавагу над чым-н. Яны [пракламацыі] былі цікавы не толькі сваім зместам, але і формаю тых каракуль, якімі гэты змест быў запісан. У гэтым сэнсе вычварнасць С. Самахвала.. была разнастайна, замыславата і не мела сабе супаротаў. Васемнаццатая гадавіна. СУПАЧЫЦЬ зак. Адпачыць. А забаляць ногі, сядуць [цётка Тарэса і Юрка] на беразе крынічкі супачыць і крыху пасілкавацца. Сірата Юрка. Супачыць зак. 'адпачыць' (Карэл. Сцяшковіч, 1972). СУПОРАТ гл. СУПАР СУПЯРЭЧНІК м. Той, хто пярэчыць каму-н. Мікіта Тарпак, вылажыўшы ўсе доказы за заўтрашні дзень і ніколечкі не зрушыўшы станоўкасці поглядаў сваіх супярэчнікаў, плюнуў, сярдзіта павярнуўся і пайшоў да свайго двара. На ростанях. Супярэчыць незак. 'супярэчыць' (Касц., Мсцісл. Бялькевіч). СУСКЛОНЬ ж.: НА СУСКЛОНІ АПОШНІХ ДЗЁН. Пад старасць, на старасці год. І кроў старога дзеда чырвонымі капелькамі падала на снег, і слёзы, як раса перад захадам сонца, апошні раз выступілі на яго сухіх вачах на сусклоні апошніх дзён яго жыцця... Бунт.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
76 👁
◀ / 289 ▶