РУШЭННЕ н. 1. Зрух, змены ў чым-н. Але ні злосць твая, ні слёзы, Ні моцна шчэмлены кулак Не зменяць справы аніяк — Цярпі! чаму? дакуль цярпенне? Калі канец яму, рушэнне? Няўжо ўвесь век жыць з панскай ласкі.. Новая зямля. 2. Масавае выступленне, паход. [Дзед Талаш:] — Народ збіраць, бухторыць яго на вялікае рушэнне супроць катаў, гвалтаўнікоў. Дрыгва.
Рушэнне н. 'рух, паход' (Насовіч).
РЫГАЦЕЦЬ незак. Рыпець. Я следам за дзядзькам, як вузел качуся, — Мароз паціскае, ды я не даюся; А снег пад нагамі скрыпіць, рыгаціць. Дзяціныя годы.
Рыганне н. 'скрып, скрыпенне' (Мсцісл. Юрчанка).
РЫЖОК м. Рыжык. Каля вусцянскага грудка і на самым грудку знайшоў шмат рыжкоў. На схіле дзён. І без таго, як мак ружовы Або той восеньскі рыжок, Пшэбора, пан пастарунковы, Гарыць, як золата кружок.. Рыбакова хата.
Рыжок м. 'рыжык' (Уздз. Нар. словатв., с. 236; Барыс., с. 242; Чэрв. Шатэрнік; Гродз. Сцяшковіч, 1983; Воран., Ганц., Пух., Чэрв. СПЗБ; Драг. Жыв. сл., с. 192); 'назва грыба' (Гл. Янкоўскі, 1960).
РЫМСЦІЦЦА, РЭМСЦІЦЦА незак. Імкнуцца да каго-, чаго-н., хацець чаго-н. І яшчэ трэба дадаць, што месцы бываюць дваякія: на адны мы самі рымсцімся, а на другія нас цягнуць, узяўшы за вушы. Стары лес. І хіцёр, а змыліўся, Ажаніўся — і ўтапіўся. А не будзь, чорце, слабы І не рэмсціся да бабы.. Новая зямля.
Рэмсціцца незак. 'імкнуцца' (Карэл. Сцяшковіч, 1972); рымсціць незак. 'карцець' (Карэл. Жыв. нар. сл., с. 62; Маз. Жыв. нар. сл., с. 176; Лід. Сцяшковіч, 1983); римсциць незак. 'хочацца' (Насовіч).
РЭПІЦЬ незак. 1. Іграць заўзята. Рэпіць дудка, не даецца, Адатне, ды зноў пачне.. Ігрышча. 2. Танцаваць з азартам. А яны, скакуны, Поўныя запалу, Як блазны-буяны, Рэпяць — пот лье буйны. Ігрышча. Юзэфа, Барбара і Ганна — ўтраіх, У туфельках, плешчучы ў ладкі, «Лявоніху» рэпяць і цешаць святых.. Даняў.
Рэпіць незак. 'заўзята, з захапленнем граць, скакаць' (Карэл. Сцяшковіч, 1972).
77 👁