МАНЕРКА ж., перан. Галава. Ды перабраў тут дзядзька меру: На слуп узбіўся, на халеру, Ды так аб падлу штурхануўся, Што свет яму перавярнуўся, На брук зляцеў ён з тратуару, Перакруціўся разоў пару І так у брук бядак загасіў, Траха манеркі не расквасіў. Новая зямля.
Манерка ж. 'гаршчочак, гарнушак' (Шчуч. Сцяшковіч, 1972); 'высокая банка з носікам' (Лоеў. Янкова); 'кубак' (Чэрв. СЦБ). Параўн. польск. manierka 'пляскатая бляшаная бутэлька, якой карыстаюцца салдаты, турысты'.
МАНІСТА ж. Нізка чаго-н. Ён [Лабановіч] выразаў некалькі бярозавых пруткоў, звязаў іх тонкімі канцамі і нанізаў цэлыя тры маністы грыбоў. На ростанях.
Маніста ж. 'нізка' (Стаўб. МСММГ, 1974; Стаўб. СЦБ); маністы мн. 'каралі', 'нізка з пацерак' (Кір. Нар. сл., с. 10).
МАНКЕТА ж. Манжэта. З гэтай прычыны Дубейка нёс сябе высока, насіў манішку і манкеты і лічыў сябе найпершым кавалерам... На ростанях.
Манкет м. 'манжэта' (Верхнядзв. Шаталава; Мядз. Нар. словатв., с. 11; Бар., Маст., Паст., Смарг. СПЗБ; Валож. МСММГ, 1970); 'вузкі манжэт' (Воран. Сцяшковіч, 1972); манкэта ж. 'манжэта' (Смал. СЦБ; Малар. ДСБ); манкеты мн. 'манжэты рукавоў' (Дзярж. Нар. сл., с. 36); манкеты мн., манкет м. 'манжэт' (Гродз. Цыхун). Параўн. польск. mankiet 'абшлаг рукава, калашыны'.
МАНУЦЦА незак. Хацець, імкнуцца што-н. зрабіць. Вус у князя зварухнуўся. — А скажы, каханы мой, Што ты выказаць мануўся: Думку, песню ці настрой? Сымон-музыка.
Мануцца незак. 'мець намер' (Віл., Лаг., Паст., Смарг. СПЗБ); 'збірацца, планаваць' (Мядз. Нар. словатв., с. 11).
МАПА ж. Карта. Пан Студніцкі кроіць мапу, Крэмзае задачы, На Саветы зявіць ляпу, Як на блін гарачы. На «шлюб» пана Студніцкага.
Мапа ж. 'карта' (Стол. ДСБ; Мядз. СЦБ). Параўн. польск. mapa 'графічны паказ пэўных прымет на зямной паверхні'.
МАРА ж. Здань, прывід. Развеецца ў прах фашысцкая зграя, Мара, што агонь вайны раздзімае І ладзіць працоўным аковы. Міжнародны пралетарскі дзень.
77 👁