Старонка 125
◀ / 145 ▶
Чуні наз., мн. Самаробны абутак. Дзед Талаш быў у кароткім кажушку, у суконных з раменнымі латамі майтках, абуты ў чуні. (Я. Колас. Дрыгва) Каля варот стаяла паласатая будка, і там хадзіў немец у доўгім белым кажусе, у плеценых саламяных чунях на ботах. (В. Адамчык. Раяль з адламаным вечкам) Ну, мусіць, пагаварылі там, у раёне, успомнілі Бародзіча і вырашылі ўзяць. Ноччу прыкацілі пад яго хату. А той, дурань, якраз абувае чуні. (В. Быкаў. Абеліск) ...Бліжэй да варот, расклаўшы на снезе чуні, стаялі і звалі да сябе ахвочых дзяды... (М. Капыловіч. Па хлеб) Параўн.: чухні — вязаныя туфлі (Каспяровіч, 346); чуні — лапці, сплеценыя з аборак (Бялькевіч, 491), абутак, склеены з гумы (Жыдовіч, I, 150; Сцяшковіч, 551), лапці з нітак (Жыдовіч, I, 150). Чысток наз., м. Невялікая булка хлеба з апошняга цеста, паскрэбак. Жонка мая дык і зусім вясёлая. Учора злётала да Станіславічыхі — у іх ёсць жорны. Змалола — на працадні нам у аванс далі два пуды — і сёння ранкам пякла. Потым пакрапала боханы вадою і ўкрыла ручніком. Вялікія круглыя боханы. Тры боханы. І яшчэ маленькі — чысток. (А. Савіцкі. Палын — зелле горкае) Чэран гл. Чарано. Ш Шабуршаць дзеясл., незак. Шамацець, шоргаць. Ад цемені яшчэ цішэй. Чутна, як вожык лістом шабуршыць — на начную працу збіраецца. (М. Лынькоў. Радо) [Кульгавы] моцна патрос чамадан, узяўшы яго ў дзве рукі, паслухаў: «Гы, шабуршыць нешта!» (І. Чыгрынаў. Па дарозе дамоў) Шалабоніць дзеясл., незак. Гаварыць абы-што; пустазвоніць. «Ды будзе ўжо шалабоніць — хадзем, а то і гадзіннік таго не варт, каб аб ём столькі гаварыць»,— пазваў Сёмка таварыша. (Ц. Гартны. Сокі цаліны) Параўн.: шалы-балы — пустыя расказы (Насовіч, 705).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
76 👁
◀ / 145 ▶