«Што ж, уладзіны глядзець пойдзем?» — абярнулася Стэпа да Сёмкі. (Ц. Гартны. Сокі цаліны)
Улонне наз., н. Калені.
Але Чубар адразу не стаў гукаць — проста спачатку сеў, паклаўшы на ўлонне вінтоўку... (І. Чыгрынаў. Плач перапёлкі)
Параўн.: улоння, улонне — калені (Бялькевіч, 458; Сцяшковіч, 514).
Улялюшчыць дзеясл., зак. Даць бізуноў, плётак і інш.
Пасля нас адпусцілі, а яму «двадзесце пенць»... I ўсе яму ўлялюшчылі, тыя ж паліцаі... (І. Пташнікаў. Лонва)
Умалёгаць дзеясл., зак. Упрасіць, гаварыць (Жыдовіч, II, 165).
Паволі, паволі ўмалёгалі яе. (М. Лобан. На парозе будучыні) Ледзьве ўмалёгаў яго [Цярэшку] Казік Ермаліцкі і такі прыехаў да бацькавага дому. (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка)
Параўн.: малёгаць — угаворваць, прасіць (Бекіш, 101).
Умясцёх прысл. Разам, гуртам.
I дзетвара галузавала умясцёх, заводзіла розныя гульні. (М. Лынькоў. Гой)
Параўн.: умясьцёх — супольна, разам (Бялькевіч, 460).
Унё выкл., часц. Вунь як!
Унё! Дак пашукаў бы! Можа і знайшоў бы, калі не вельмі пераборлівы. (І. Мележ. Людзі на балоце)
Параўн.: унё, унь — вунь (Янкоўскі, I, 186; Шаталава, 182).
Унурысты прым. Пануры, негаманкі.
А што вочы такія ў цябе — дак мне ето, папраўдзе, да спадобы! Такіх ні ў кога няма болей! I сам ты — харошы, толькі што маўклівы, унурысты. (І. Мележ. Людзі на балоце)
Параўн.: унурына — плакса (Каспяровіч, 321); унурыцца — задумацца (Сцяшковіч, 515).
Уныць дзеясл., зак. Спалохацца; пасці духам.
Акаловіч уныў і варухнуў губамі. (К. Чорны. Пошукі будучыні)
Параўн.: унываць — падаць духам (Бялькевіч, 460).
81 👁