Іван Насовіч

Іван Насовіч

Поўнае імя
Насовіч Іван Іванавіч
Год народзінаў
1788
Год смерці
1877
Асноўная мова работ
Руская
Насовіч займае пачэснае месца сярод выдатных дзеячаў культуры ХІХ ст. Яго слушна называюць “беларускім Далем”, супастаўляючы дзве слынныя працы У.І. Даля з кнігамі І.І. Насовіча – Словарем бѣларусскаго нарѣчія (СПб., 1870) і Cборником бѣлорусскихъ пословицъ (СПб., 1874). Праўда, паводле ахопу моўнага матэрыялу працы Насовіча значна ўступаюць далеўскім, але тут ёсць свае прычыны. Беларуская мова ў тыя часы афіцыйнымі ўладамі не прызнавалася як самастойная, лічылася “наречием русского языка”, і Насовіч у адпаведнасці з устаноўкамі Расійскай Акадэміі ўключаў у свой “Слоўнік…” далёка не ўсё, што было ў жывым маўленні беларусаў, а толькі тое, што не супадала з засведчанымі ў даведніках фактамі рускай мовы. Навукова-даследчай дзейнасцю Насовіч пачаў займацца ў 1844 годзе, маючы за плячыма вялікі жыццёвы досвед, дасканала вывучыўшы духоўнае багацце не толькі роднай яму Магілёўшчыны, але і Віленшчыны, Міншчыны, Аршаншчыны, дзе 30 гадоў настаўнічаў, выкладаючы рускую славеснасць і латынь, працуючы інспектарам, рэктарам духоўнага вучылішча, наглядчыкам, а пасля кіраўніком дваранскага вучылішча (ён ведаў не толькі беларускую і рускую мовы, але авалодаў стараславянскай, лацінскай, грэчаскай, французскай, старажытна-яўрэйскай і польскай мовамі). Выйшаўшы ў 1844 г. у адстаўку, Насовіч пачаў папаўняць матэрыялы для слоўніка беларускай мовы. “Для паспяховага выканання гэтай справы , – пісаў сын вучонага В.І. Насовіч, – бацька мой не шкадаваў ніякіх выдаткаў, ездзіў у розныя беларускія мясціны, якія яго цікавілі. Жывучы з маленства сярод сельскага люду, добра ведаў як мову беларусаў, так і мноства іх песень, прыказак, прымавак і інш. Ён ведаў і шанаваў іх звычаі” . І.І. Насовіч заўсёды меў пры сабе сшытак, “куды неадкладна занатоўваў кожнае новае для яго слова, што траплялася яму ў гутарцы з простым чалавекам, кожную цікавую песню, прыказку”. У тыя часы, як пісаў І.І. Насовіч ва “Успамінах майго жыцця”, па-беларуску размаўлялі чыноўнікі, настаўнікі, мясцовыя яўрэі, прадстаўнікі ўсіх саслоўяў. “Наогул усе мяшчане і рамеснікі гавораць па-беларуску, апрача асоб не беларускага паходжання. Аканомы ж і прыказчыкі, зразумела, з дробнай шляхты, абавязкова павінны з беларускімі мужычкамі размаўляць па-беларуску. Нават самі памешчыкі, асабліва беларускага паходжання, любяць паміж сабою гутарыць па-беларуску”.