Іван Насовіч
Поўнае імя: Насовіч Іван Іванавіч
Год народзінаў: 1788
Год смерці: 1877
Асноўная мова работ: Руская
Насовіч займае пачэснае месца сярод выдатных дзеячаў культуры ХІХ ст. Яго слушна называюць “беларускім Далем”, супастаўляючы дзве слынныя працы У.І. Даля з кнігамі І.І. Насовіча – Словарем бѣларусскаго нарѣчія (СПб., 1870) і Cборником бѣлорусскихъ пословицъ (СПб., 1874). Праўда, паводле ахопу моўнага матэрыялу працы Насовіча значна ўступаюць далеўскім, але тут ёсць свае прычыны.
Беларуская мова ў тыя часы афіцыйнымі ўладамі не прызнавалася як самастойная, лічылася “наречием русского языка”, і Насовіч у адпаведнасці з устаноўкамі Расійскай Акадэміі ўключаў у свой “Слоўнік…” далёка не ўсё, што было ў жывым маўленні беларусаў, а толькі тое, што не супадала з засведчанымі ў даведніках фактамі рускай мовы.
Навукова-даследчай дзейнасцю Насовіч пачаў займацца ў 1844 годзе, маючы за плячыма вялікі жыццёвы досвед, дасканала вывучыўшы духоўнае багацце не толькі роднай яму Магілёўшчыны, але і Віленшчыны, Міншчыны, Аршаншчыны, дзе 30 гадоў настаўнічаў, выкладаючы рускую славеснасць і латынь, працуючы інспектарам, рэктарам духоўнага вучылішча, наглядчыкам, а пасля кіраўніком дваранскага вучылішча (ён ведаў не толькі беларускую і рускую мовы, але авалодаў стараславянскай, лацінскай, грэчаскай, французскай, старажытна-яўрэйскай і польскай мовамі). Выйшаўшы ў 1844 г. у адстаўку, Насовіч пачаў папаўняць матэрыялы для слоўніка беларускай мовы. “Для паспяховага выканання гэтай справы , – пісаў сын вучонага В.І. Насовіч, – бацька мой не шкадаваў ніякіх выдаткаў, ездзіў у розныя беларускія мясціны, якія яго цікавілі. Жывучы з маленства сярод сельскага люду, добра ведаў як мову беларусаў, так і мноства іх песень, прыказак, прымавак і інш. Ён ведаў і шанаваў іх звычаі” . І.І. Насовіч заўсёды меў пры сабе сшытак, “куды неадкладна занатоўваў кожнае новае для яго слова, што траплялася яму ў гутарцы з простым чалавекам, кожную цікавую песню, прыказку”.
У тыя часы, як пісаў І.І. Насовіч ва “Успамінах майго жыцця”, па-беларуску размаўлялі чыноўнікі, настаўнікі, мясцовыя яўрэі, прадстаўнікі ўсіх саслоўяў. “Наогул усе мяшчане і рамеснікі гавораць па-беларуску, апрача асоб не беларускага паходжання. Аканомы ж і прыказчыкі, зразумела, з дробнай шляхты, абавязкова павінны з беларускімі мужычкамі размаўляць па-беларуску. Нават самі памешчыкі, асабліва беларускага паходжання, любяць паміж сабою гутарыць па-беларуску”.
Работы: 2
Назва | Год | Старонак |
---|---|---|
Cборникъ бѣлорусскихъ пословицъ | 1874 | 238 |
Словарь бѣлорусскаго нарѣчія | 1870 | 766 |