Іван Лепешаў
Поўнае імя: Лепешаў Іван Якаўлевіч
Год народзінаў: 1924
Год смерці: 2014
Асноўная мова работ: Беларуская
Нарадзіўся ў 1924 ў вёсцы Іскозы Дубровенскага раёна. У 1940 г. скончыў 8 класаў Ліцвінаўскай СШ, здаў экстэрнам за 9 класаў і паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, першы курс якога закончыў у 1941 г. Удзельнічаў у Айчыннай вайне, служыў у арміі. Двойчы паранены. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі» і інш. У 1948 г. скончыў (на выдатна) Аршанскі настаўніцкі інстытут, затым працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Свіслацкай СШ Гродзенскай вобласці. Беспадстаўна рэпрасаваны, а пасля рэабілітаваны за адсутнасцю віны, працаваў рознарабочым у лагерах Прыморскага краю (1949 – 1955). З 1956 г. – настаўнік беларускай і рускай моў і літаратур у школах Шчучынскага раёна. Завочна скончыў (на выдатна) філфак Гродзенскага педагагічнага інстытута (1959) і аспірантуру ў Мінскім педінстытуце (1971). Працуючы ў школе, апублікаваў у выдавецтве «Народная асвета» дзве кнігі, напісаў кандыдацкую дысертацыю. Узнагароджаны знакам «Выдатнік народнай асветы». З 1971 г. – у Гродзенскім педінстытуце (пасля універсітэце) спачатку выкладчыкам, затым дацэнтам (1973), прафесарам (1986). Асноўная тэматыка навуковых публікацый: фразеалогія і парэміялогія, мова мастацкай літаратуры, культура маўлення і стылістыка.
Апублікаваў 520 навуковых, навукова-метадычных і іншых прац, у тым ліку 40 кніг (манаграфіі, слоўнікі, вучэбныя дапаможнікі, зборнікі нарысаў). Сярод кніг – 9 вучэбных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Памёр Іван Лепешаў 12.10.2014 г.
Работы: 2
Назва | Год | Старонак |
---|---|---|
Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў | 2004 | 440 |
Тлумачальны слоўнік прыказак | 2011 | 696 |