Апанас Цыхун
Поўнае імя: Цыхун Апанас Пятровіч
Год народзінаў: 1910
Год смерці: 2005
Асноўная мова работ: Беларуская
Апанас Цыхун нарадзіўся 5 траўня 1910 года ў вёсцы Кунцаўшчына Гарадзенскага раёна. Педагог, краязнавец, пісьменнік. Усё сваё жыццё аддаў змаганню за беларускае школьніцтва на Гарадзеншчыне. Даследаваў жыццё i дзейнасць Яўхіма Карскага. Вывучаў Гарадзеншчыну - збіраў народныя гаворкі, фальклор, этнаграфічныя матэрыялы, звесткі пра вядомых людзей рэгіёну, пра яго гістарычнае мінулае. Апанас Цыхун ніколі не казаў пра непаўнавартаснасць або, наадварот, богаабранасць беларусаў, не лічыў патрэбным сыпаць праклёны ў адрас суседзяў, але адначасова быў настолькі перакананы ў святасці словаў «незалежнасць, мова, дэмакратыя», што часам можа было падумаць, быццам ён жыў у незалежнай Беларусі не з 1991-га, а як мінімум з 1918-га года. Памёр у Гародні ў 2005 годзе. Ён належаў да тых нямногіх старых інтэлігентаў з беларусаў-заходнікаў, што назаўсёды застануцца часткаю Гародні.